ВАЛАВА́Я ПРАДУ́КЦЫЯ,

паказчык, які характарызуе аб’ём прадукцыі ў вартасным (грашовым) выражэнні, атрыманай на прадпрыемстве ці ў адной з галін матэрыяльнай вытв-сці. Уключае канчатковую (гатовую) і прамежкавую (вузлы і дэталі камплектавання, сыравіну і інш.) прадукцыю. Разлічваецца ў супастаўных цэнах і ў цэнах адпаведных гадоў. Адлюстроўвае аб’ём, дынаміку і тэмпы агульнага росту вытв-сці на прадпрыемствах і ў асобных галінах эканомікі, прапорцыі паміж гэтымі галінамі, што можна выкарыстаць для вызначэння перспектыў вытв-сці.

Валавая прадукцыя прамысловасці — сукупнасць гэтай прадукцыі ўсіх прамысл. прадпрыемстваў за пэўны перыяд. Апрача гатовай прадукцыі ўключае кошт спажытых у вытв. працэсе сыравіны, матэрыялаў, паліва, эл. энергіі, а таксама амартызацыю асн. сродкаў. Валавая прадукцыя прадпрыемства вызначаецца пераважна заводскім спосабам: з усяго валавога абароту вылічваецца ўнутрызаводскі абарот (прадукцыя некаторых цэхаў, выкарыстаная на выраб канчатковай прадукцыі ў інш. цэхах). Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — сукупная прадукцыя гэтай галіны ў грашовым выражэнні; уключае таксама кошт сродкаў, выкарыстаных у працэсе с.-г. вытвсці (насенне, кармы, амартызацыя будынкаў, машын і т.д.). Вызначаецца ў супастаўных цэнах, па аб’ектах с.-г. вытв-сці, асобных галінах сельскай гаспадаркі і ў цэлым па краіне.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)